Сёння мы працягваем распавядаць пра рамантычныя і эратычныя ўзаемаадносіны нашых продкаў. У папярэднім пасце гэтай рубрыкі вы даведаліся пра асаблівасці выхавання дзяўчынак і хлопчыкаў, іх сталенне і дасягненне шлюбнага ўзросту. Што было далей? 👉🏼 Перыяд знаходжання чалавека ў маладзёвым калектыве не мог быць занадта працяглым. У народнай традыцыі ўсходніх славян пара паналецця працягвалася ўсярэднім ад аднаго да пяці гадоў! На працягу гэтага перыяду, асноўнай задачай у межах маладзёвай групы з'яўлялася стварэнне патанцыйных шлюбных пар пасродкам абрадавых гульняў. Невыпадкова менавіта абрадавыя дзеянні моладзі складалі матрыцу ўсіх асноўных рытуалаў гадавога кола: Калядаў, Масленіцы, Гукання Вясны, Зялёных святак, Купалля ды іншых. Насычанасць маладзёвага фальклору эратычнай тэматыкай не зʼяўляецца праявай хваравітай зацыкленасці на сексуальнай глебе. Наадварот, прагаворванне ўсіх іпастасяў «тэмы» на сімвалічным узроўні, у абавязкова жартоунай ды іранічнай форме, стварала ў маладзёнаў уяўны сексуальны вопыт, які разбураў мажлівыя комплексы. Яшчэ адной з формаў «пранікнення» ў «дарослую тэму» зʼяуляліся двухсэнсовыя загадкі, дзе адна з адгадак насіла падкрэслена эратычны характар, але «правільны» адказ зʼяўляўся бяскрыўдным: «Рос, рос, вырас, з цёмнага вылез, на свет паказаўся, з дзеўкамi пакахаўся» (Арэх). Вам было б цікава даведацца пра адну з моладзевых гульняў? Чакаем «❤» у каментарыях! Крыніца: У. А. Лобач, Эрас у беларускай традыцыйнай культуры (Studia mythologica slavica, 2003, № 6, С. 205 - 248). Аўтар фота: Альфрэд Мікус.